XVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні
22–23 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудуцца XVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. За дзесяцігоддзі правядзення навуковы форум стаў сапраўдным брэндам, пазнавальным сярод даследчыкаў і спецыялістаў розных краін. Штогод у праграме чытанняў – сустрэчы даследчыкаў, навуковыя дыскусіі і абмеркаванні, выставы і прэзентацыі.
Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні з’яўляюцца адной з галоўных пляцовак краіны для абмеркавання вынікаў навуковых даследаванняў па пытаннях кніжнай культуры і кніжнай спадчыны. Канферэнцыя дасягнула сапраўды высокага ўзроўню, набыла вялікую папулярнасць і збірае даследчыкаў кнігі з розных краін свету. Усіх яе ўдзельнікаў аб’ядноўвае нязменная цікавасць да кніжнай культуры Беларусі, яе гісторыі, дасягненняў і перспектыў.
Кола пытанняў, запланаваных для абмеркавання на сёлетняй канферэнцыі, ахоплівае ўсе важныя аспекты развіцця беларускай кніжнай культуры ад старадаўніх рукапісаў да выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій на ўсіх этапах існавання кнігі.
Арганізатары канферэнцыі – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
У праграме – больш 80 дакладаў ад навукоўцаў з 8 краін. Канферэнцыя адбудзецца ў жывым фармаце, а таксама прадугледжвае анлайн-трансляцыю і дыстанцыйнае далучэнне аддаленых удзельнікаў.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства і пленарнае пасяджэнне: 22 красавіка ў 10.00 у зале 307 (3-ці паверх).
ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 400-годдзю выдання першага Буквара