Водгукі пра XVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

07.05.2021

22–23 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся маштабны навуковы форум Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Пасля завяршэння канферэнцыі арганізатары падводзяць вынікі, каб вызначыць, наколькі праект дасягнуў сваіх мэт. Сваім меркаваннем пра канферэнцыю падзяліліся яе ўдзельнікі – беларускія і замежныя эксперты.

Спецыялісты Музея беларускага кнігадрукавання і Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага – філіялаў Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка штогод прымаюць удзел у Кнігазнаўчых чытаннях, і гэты год не стаў выключэннем. Ашуева Вера Яўгенаўна, вядучы навуковы супрацоўнік, і Кашкур Дзіяна Андрэеўна, старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання, узялі ўдзел у канферэнцыі. Прадстаўляем іх водгук пасля мерапрыемства:

Vodhuki-1.jpg

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік выказвае шчырую падзяку за арганізацыю і правядзенне XVII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў. Навуковыя супрацоўнікі філіялаў музея-запаведніка – Музея беларускага кнігадрукавання і Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага штогод прымаюць удзел у чытаннях і адзначаюць высокі прафесійны ўзровень, насычанасць праграмы і аўтарытэтны склад удзельнікаў мерапрыемства. Для спецыялістаў, звязаных з вывучэннем кніжнай спадчыны Беларусі, вельмі важна мець магчымасць прадставіць актуальныя вынікі навуковых даследаванняў, увесці ў навуковы абарот новыя звесткі, а таксама ўстанавіць прафесійныя сувязі. Усё гэта забяспечвае Нацыянальная бібліятэка Беларусі, арганізуючы Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Лічым, што працяг традыцыі правядзення гэтага мерапрыемства мае прынцыповае значэнне для развіцця кнігазнаўчай навукі, і спадзяёмся на неперарыўнасць гэтай традыцыі ў далейшым.

Шутава Вольга Міхайлаўна, дырэктар Лабараторыі скарыназнаўства і валарызацыі даследаванняў гісторыі і культуры Беларусі, кандыдат гістарычных навук (Во-сюр-Сен, Францыя) прыняла ўдзел у Кнігазнаўчых чытаннях анлайн і даслала свой водгук:

Shutava.jpg

Вялікі дзякуй арганізатарам Кнігазнаўчых чытанняў за гэтае запрашэнне і магчымасць прыняць у іх удзел з дакладам! Гэты выдатны кнігазнаўчы форум, які вядомы і аўтарытэтны не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, стаў ужо традыцыйным і, разам з тым, працягвае быць наватарскім. Для нас, удзельнікаў з-за мяжы, гэта асабліва важна – не толькі магчымасць выступіць і падзяліцца сваімі разважаннямі, назапашанымі часцяком “на дыстанцыі” ад аб’екта сваіх даследаванняў, але і шанец паслухаць меркаванне калег, даведацца пра актуальныя праблемы і новыя працы з “першых рук”. Гэта стала магчымым дзякуючы выдатнай арганізацыі канферэнцыі, яе цёплай атмасферы, якая адчувалася нават з улікам вымушаных дыстанцыйных фарматаў, якiя дарэчы былi вельмi добра наладжаны. Вельмі ўдзячная за ўвагу і каментары паважаным калегам, бо абмеркаванне і апрабацыя матэрыялу і разважанняў з’яўляюцца абсалютна неабходным этапам даследчага працэсу. Карыстаючыся выпадкам, прашу дасылаць свае каментары на адрас Лабараторыі скарыназнаўства, дзе яны будуць апублікаваныя ў раздзеле “Дыскусіі”, прысвечаным інфармацыі аб XVII Кнігазнаўчых чытаннях, з шырокімі анонсамі на французскай і англійскай мовах. Зноўку дзякую арганізатарам і ўсім удзельнікам, здароўя, творчых поспехаў, плённага супрацоўніцтва!

Супрацоўнікі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі Кнігазнаўчых чытанняў. Сёлета ў канферэнцыі бралі ўдзел: загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Сцефановіч Аляксандр Віктаравіч; загадчык сектара кнігазнаўства Цітавец Алена Іосіфаўна; загадчык сектара рукапісаў Жук Таццяна Іванаўна; загадчык сектара абслугоўвання чытальнай залы Слука Надзея Міхайлаўна; навуковыя супрацоўнікі: Губанава Вольга Аляксандраўна, Дзенісенка Алена Пятроўна, Навуменка Валерыя Георгіеўна, Ліс Марына Маркаўна. Удзельнікі падзяліліся сваім меркаваннем:

Сцефановіч.jpg

Выказваем падзяку арганізатарам XVII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія адбыліся 22–23 красавіка 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, за насычаную і плённую праграму канферэнцыі, высокі прафесійны і арганізацыйны ўзровень. Несумнеўныя цікавасць, важнасць і актуальнасць уяўляюць вынесеныя на форум навуковыя тэмы. Хочацца адзначыць якасную падрыхтоўку зборніка матэрыялаў канферэнцыі. Правядзенне Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў мае шматгадовыя традыцыі і з’яўляецца значнай пляцоўкай для адмыслоўцаў і даследчыкаў кніжнай культуры.

Шустава Юлія Эдуардаўна, дацэнт кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і археаграфіі Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта, старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела рэдкіх кніг (Музея кнігі) Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, кандыдат гістарычных навук (Масква, Расія) неаднаразова прыязджала на Кнігазнаўчыя чытанні ў Мінск, а сёлета прадставіла цікавы даклад анлайн. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі:

Shustava.jpg

Канферэнцыя атрымалася маштабнай і цікавай. Як добра, што новыя фарматы дазваляюць нам камунікаваць, абменьвацца досведам і навуковымі пошукамі! Далейшага развіцця Кнігазнаўчым чытанням! Вялікі дзякуй арганізатарам!

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.


Возврат к списку