Зборнік і відэаархіў ХVII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

30.04.2021

Зборнік ХVII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў традыцыйна падрыхтаваны і выдадзены да канферэнцыі. Усе зацікаўленыя могуць набыць яго ў кіёску бібліятэкі. Відэаархіў пасяджэнняў прадстаўлены ў адкрытым доступе, і кожны можа паслухаць даклады.

Зборнік змяшчае матэрыялы ХVII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія адбыліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 22–23 красавіка 2021 г. Публікуюцца даклады беларускіх і замежных даследчыкаў і спецыялістаў, прысвечаныя гісторыі і сучаснаму стану нацыянальнай кніжнай культуры, развіццю кніжна-асветніцкіх традыцый Беларусі. Зборнік уключае тэксты 67 дакладаў.

Матэрыялы зборніка адлюстроўваюць разнастайнасць тэм, якія абмяркоўваліся ў межах канферэнцыі:

  • Гістарычныя кніжныя калекцыі і правененцыі
  • Рукапісная кніга і архіўныя дакументы
  • Друкаваная кніга XVI–XVIІІ стст.
  • Друкаваная кніга ХIХ–ХХІ стст.
  • Перыядычны друк
  • Мастацтва кнігі
  • Персаналіі ў кніжнай культуры
  • Тэорыя і метадалогія кнігазнаўства
  • Кніга ў сучасным сацыякультурным і інфармацыйным асяроддзі

Матэрыялы зборніка будуць карысныя даследчыкам кніжнай культуры, гісторыкам, філолагам, мастацтвазнаўцам, тэолагам, бібліятэкарам, музейнікам і архівістам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і сучасным станам беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Набыць зборнік можна ў кіёску бібліятэкі (на 1-м паверсе, каля цэнтральнага ўвахода).

Даклады, якія прагучалі падчас XVII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, выкананы на высокім навуковым узроўні, вызначаюцца актуальнасцю, навізной падыходаў да вырашэння пастаўленых пытанняў. Разгледжаныя ў дакладах праблемы маюць вялікае навуковае і прыкладное значэнне. Канферэнцыя дазволіла адкрыць малавядомыя старонкі гісторыі кніжнай культуры Беларусі і будзе спрыяць усебаковаму выкарыстанню яе культурнай спадчыны. Відэазапіс пасяджэнняў канферэнцыі даступны на канале youtube.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.


Возврат к списку