Інфармацыя для прэсы

26–27 красавіка 2018 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудуцца ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні.

Штогадовыя Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні ўжо даўно сталі адным з найважнейшых мерапрыемстваў у навуковым і культурным жыцці краіны. Мэтай канферэнцыі з’яўлялася кансалідацыя навуковай супольнасці для абмеркавання актуальных пытанняў па вывучэнні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, стымулявання супрацоўніцтва паміж даследчыкамі кніжнай культуры.

У 2017 годзе ХІІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні былі прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Сёлета яны прымеркаваны да вельмі арыгінальнай даты – 400-годдзя выдання першага “Буквара”.

Буквар – унікальная кніга, якая закладвае асновы культуры, фарміруе найважнейшыя каштоўнасці, з’яўляецца пачаткам на шляху засваення ведаў. Першая ў свеце кніга пад назваю “Буквар” была выдадзена Віленскім праваслаўным брацтвам у 1618 годзе ў мястэчку Еўе пад Вільняй, якое належала слаўнаму Багдану Агінскаму. Кніга прызначалася для пачатковага навучання чытанню і пісьму нашых продкаў. У далейшым выданне з такой назвай стала шырокавядомым на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі і іншых краін. Да нашых дзён дайшло толькі два экзэмпляры еўеўскага “Буквара”. Адзін захоўваецца ў Капенгагене, другі – у Лондане.

400-годдзе выдання першага “Буквара”– гэта далёка не адзіная тэма сёлетніх Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, але важная нагода. Тэматычнае поле канферэнцыі вылучаецца разнастайнасцю, нязменнай цікавасцю да кніжнай культуры Беларусі і асэнсавання яе феномена ў сусветным кантэксце.

Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні даюць магчымасць падзяліцца вынікамі навуковых пошукаў, што спрыяе наладжванню навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін. Шырока сфармуляваная праблематыка выклікае інтарэс у кнігазнаўцаў, лінгвістаў, літаратуразнаўцаў, культуролагаў, гісторыкаў, філосафаў, выдаўцоў і кнігагандляроў.

ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні працягваюць традыцыю прафесійнай камунікацыі, абмену досведам, прэзентацый ідэй і ініцыятыў, умацавання навуковых кантактаў.