Выдадзены зборнік матэрыялаў ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

10.05.2018

Выдадзены зборнік матэрыялаў ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала і выдала зборнік матэрыялаў ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія былі прымеркаваны да 400-годдзя першага “Буквара” і праходзілі 26–27 красавіка 2018 г.

Сёлетняя канферэнцыя стала добрым працягам існуючай традыцыі і сабрала зацікаўленых вучоных з Азербайджана, Беларусі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляліся Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Суарганізатарамі выступілі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка і Нацыянальны інстытут адукацыі.

У зборніку публікуюцца даклады вядомых даследчыкаў і спецыялістаў нацыянальных і найбуйнейшых бібліятэк, музеяў, архіваў, навукова-даследчых устаноў Беларусі і замежных краін, прысвечаныя гісторыі і сучаснаму стану нацыянальнай кніжнай культуры, развіццю асветніцкіх традыцый Беларусі.

Структура зборніка адлюстроўвае разнастайнасць тэм, якія абмяркоўваліся на канферэнцыі і складаецца з раздзелаў:

  • “Буквар і асветніцкія традыцыі Беларусі”
  • “Навучанне грамаце і беларуская букварыстыка”
  • “Рукапісная і друкаваная кніга XVI–XVIII стст. у айчынных і замежных зборах”
  • “Беларуская кніга ХIХ–ХХ стст.”
  • “Гістарычныя кнігазборы і развіццё бібліятэчнай справы Беларусі”
  • “Мастацкае афармленне рукапіснай і друкаванай кнігі”

Даклады, якія прагучалі падчас ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, выкананы на высокім навуковым узроўні, вызначаліся актуальнасцю, навізной падыходаў да вырашэння пастаўленых навуковых праблем. У рабоце канферэнцыі бралі ўдзел як вядомыя вучоныя, так і маладыя даследчыкі. Разгледжаныя ў дакладах пытанні маюць вялікае навуковае і прыкладное значэнне.

Матэрыялы зборніка будуць карыснымі для даследчыкаў кніжнай культуры, педагогаў, гісторыкаў, філолагаў, культуролагаў і ўсіх, хто цікавіцца мінулым і сучаснасцю інтэлектуальнай традыцыі ў Беларусі.

Зборнік “Матэрыялы ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прымеркаваных да 400-годдзя першага «Буквара», Мінск, 26–27 красавіка 2018 г.” можна набыць па падпісцы альбо купіць у кіёску бібліятэкі, размешчаным на 1-м паверсе каля галоўнага ўвахода.

Возврат к списку