26 красавіка ў бібліятэцы Беларусі прайшло ўрачыстае адкрыццё міжнароднай выстаўкі “Буквары народаў свету”.
Унікальная экспазіцыя пачала работу ў межах ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, што ў гэтыя дні праходзяць пад знакам 400-годдзя першага “Буквара”.
Распачаў урачыстасць дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. З прывітальным словам выступіла сакратар Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Наталля Счасновіч.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел ганаровыя госці − Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Вірсіс Марціньш, намеснік старшыні праўлення Беларускага банка развіцця і рэканструкцыі “Белінвестбанк” Андрэй Сакірка і прадстаўнік Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Рэспубліцы Беларусь Анастасія Сарокіна.
Самым урачыстым момантам вечара стала адкрыццё галоўнага сімвала юбілейных падзей − двухметровага аб’ёмнага “Буквара”! Дэкарацыя старажытнай кнігі ўвасабляе важкасць і каштоўнасць унікальнага выдання, якое закладвае асновы культуры і з’яўляецца пачаткам на шляху засваення ведаў. Велізарны “Буквар” з сённяшняга дня будзе экспанавацца ў атрыуме 2-га паверха, нагадваючы чытачам і гасцям бібліятэкі пра 400-годдзе першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар”, падрыхтаванай, дарэчы, нашымі продкамі.
Творчымі нумарамі ўпрыгожылі мерапрыемства ўзорны ансамбль танца “Весялушка” харэаграфічнай школы № 1 г. Мінска пад кіраўніцтвам Станіслава Дарохіна і вакальны дуэт Анастасіі і Паліны Шкялёнак з Каладзішчанскага дома культуры.
Пасля цырымоніі адкрыцця госці накіраваліся ў музей кнігі для знаёмства з экспазіцыяй выстаўкі, якая аб’ядноўвае разнастайныя і непаўторныя варыяцыі самай першай кнігі для навучання грамаце розных народаў. Усяго на ёй прадстаўлены каля 1 400 буквароў на 587 мовах з прыватнай калекцыі латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг пра народы свету Юрыса Цыбульса і фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Найцікавейшую экскурсію для слухачоў правёў сам калекцыянер Юрыс Цыбульс.
Запрашаем наведаць выстаўку “Буквары народаў свету” ў музеі кнігі (3-ці паверх, пам. 347) да 15 верасня 2018 года.
Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.
Тэлефоны для даведак: (8 017) 266 37 37, 293 27 22.