XIV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні ўрачыста адкрыты

26.04.2018

XIV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні ўрачыста адкрыты

26 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё XIV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прымеркаваных да 400-годдзя выдання першага “Буквара”.

Навуковае мерапрыемства аб’яднала больш за 400 кнігазнаўцаў, педагогаў, лінгвістаў, культуролагаў, гісторыкаў і філосафаў з Азербайджана, Беларусі, Вялікабрытаніі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.

Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі.

На адкрыцці прагучалі вітальныя словы ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Дакладчыкі адзначылі, што Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні ўжо даўно сталі адным з найважнейшых мерапрыемстваў у навуковым і культурным жыцці краіны. Яны аб’ядноўваюць даследчыкаў і спецыялістаў, якія працуюць з кніжнымі помнікамі – значным элементам культурнага і інфармацыйнага патэнцыялу нацыі, яркім сведчаннем высокага развіцця айчыннай культуры і каштоўнай крыніцай для даследавання нашага мінулага і сучаснасці.

На пленарным пасяджэнні з навуковымі дакладамі і прэзентацыямі выступілі знакамітыя кнігазнаўцы з Беларусі, а таксама блізкага і далёкага замежжа:

Суша Аляксандр,
намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралогіі (Беларусь),
“Юбілей адной кнігі – юбілей усёй культуры: да 400-годдзя першага Буквара”;

Шустава Юлія,
дацэнт кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і археаграфіі Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта, старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела рэдкіх кніг Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (Расія),
“Кириллические Буквари XVI–XVIII вв., изданные на белорусских землях, в собрании Российской государственной библиотеки”;

Мірановіч Антоні,
прафесар Беластоцкага ўніверсітэта, доктар хабілітаваны (Польшча),
“Падручнікі для школ брацкіх на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XVI–XVIII стст.”;

Мажэйка Ганна,
дактарант Абердзінскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія),
“Мартирологии и поминальные книжки: влияние английских и шотландских иезуитов на печатную культуру Великого Княжества Литовского в конце XVI – начале XVII в.”;

Бачкоўская Валянціна,
дырэктар Музея кнігі і кнігадрукавання Украіны (Украіна),
“Українські книжкові скарби: презентація колекції Музею книги і друкарства України”;

Цыбульс Юрыс,
аўтар буквароў, калекцыянер (Латвія),
“Народы мира, их языки и буквари”.

На працягу двух дзён, акрамя пленарнага пасяджэння, ладзяцца пасяджэнні шасці секцый, педагагічны майстар-клас і адкрыццё выстаўкі “Буквары народаў свету”.

Мэтай мерапрыемства з’яўляецца кансалідацыя навуковай супольнасці для абмеркавання актуальных пытанняў па вывучэнні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, стымуляванні міжнароднага супрацоўніцтва паміж даследчыкамі кніжнай культуры.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 82.


Возврат к списку