На ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях, якія адбудуцца 26–27 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, выступяць вучоныя-кнігазнаўцы з Латвіі, Літвы і Польшчы.
Іх удзел у канферэнцыі стаў магчымым дзякуючы падтрымцы праекта Еўрапейскага саюза MOST (Mobility Scheme for Targeted People-to-People-Contacts / Праграма мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў). Мэта праекта – пашырэнне кантактаў паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі для абмену перадавым вопытам, устанаўлення і паглыблення прафесійных кантактаў.
Чакаецца прыезд з Латвіі Юрыса Цыбульса, калекцыянера і даследчыка букварыстыкі, уладальніка самай вялікай калекцыі буквароў у свеце. Свой удзел з дакладамі па гісторыі кніжнай культуры таксама пацвердзілі Надзея Марозава, доктар гуманітарных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літоўскай мовы (Літва); Іна Кажура, старшы бібліятэкар Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта (Літва), Лілія Коўкель, доктар гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук (Польшча).
Мэтай ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў з’яўляецца кансалідацыя навуковай супольнасці для абмеркавання актуальных пытанняў па вывучэнні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, стымулявання супрацоўніцтва паміж даследчыкамі кніжнай культуры.