Нацыянальная бібліятэка Беларусі адмыслова да 500-годдзя Жыровіцкага манастыра, якое адзначаецца сёння, адкрыла доступ да відэаархіва найноўшых даследаванняў, прысвечаных Жыровічам і беларускай кніжнасці.
20 мая адзначаецца свята Жыровіцкай цудатворнай іконы Багародзіцы. Сёлета спаўняецца 550 гадоў з часу цудоўнага з’яўлення знакамітай іконы і 500 гадоў з часу заснавання Жыровіцкага манастыра. І хаця асноўныя ўрачыстасці ў Жыровічах пакуль адкладзены, Нацыянальная бібліятэка Беларусі адмыслова да юбілею падрыхтавала свой падарунак.
Менавіта сёння для ўсіх ахвотных адкрыты анлайн-доступ да відэаархіва, які ўключае відэазапісы выступленняў вядомых айчынных і замежных навукоўцаў, іх прэзентацыі, даклады, фотадакументы і іншыя каштоўныя матэрыялы, якія раскрываюць невядомыя раней старонкі нашай агульнай мінуўшчыны.
Асновай для відэаархіву паслужылі матэрыялы ХVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прысвечаных 500-годдзю заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі. Навуковы форум адбыўся 15 мая 2020 г. у фармаце відэаканферэнцыі ў рэжыме рэальнага часу з магчымасцю шырокай камунікацыі.
Сімвалічна, што сёлета Кнігазнаўчыя чытанні былі прысвечаны 500-годдзю заснавання славутага Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі. Манастыры з даўніх часоў былі цэнтрамі культуры і кніжнасці – тут перапісваліся і друкаваліся кнігі, адкрываліся першыя бібліятэкі і школы. На працягу пяці стагоддзяў у Жыровіцкім манастыры ствараліся і захоўваліся лепшыя ўзоры кніжнай, мастацкай, музычнай культуры нашага народа, інтэлектуальныя помнікі, дзейнічалі навучальныя ўстановы для свецкіх і духоўных асоб.
Відэаархіў даступны на Youtube-канале і яшчэ будзе папаўняцца.
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.
ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 400-годдзю выдання першага Буквара