15 мая на працягу ўсяго дня адбывалася анлайн-канферэнцыя ХVІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прысвечаных 500-годдзю заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі.
Сёлетнія Кнігазнаўчыя чытанні – гэта відэаканферэнцыя ў рэжыме рэальнага часу з магчымасцю камунікацыі праз пытанні да дакладчыкаў, праз відэадаклады з прэзентацыямі. Кнігазнаўцы з розных краін, выявіўшы ў ёй зацікаўленасць, падалі заяўкі на ўдзел і тэксты дакладаў. На партале бібліятэкі зарэгістраваны больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Навукоўцы даслалі каля 60 артыкулаў для друку ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі. Важна, што пасля завяршэння трансляцыі відэазапіс канферэнцыі будзе даступным на партале бібліятэкі.
З прывітальнымі словамі на адкрыцці навуковага форуму выступілі:
На працягу многіх дзесяцігоддзяў Нацыянальная бібліятэка Беларусі паспяхова выконвае адказную справу збірання, вывучэння і папулярызацыі беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны і такім чынам забяспечвае духоўнаю і інтэлектуальную пераемнасць пакаленняў, перадачу фундаментальных каштоўнасцей і ідэалаў, стварае ўмовы для ўзбагачэння ўнутранага свету і раскрыцця творчага патэнцыялу шырокага кола сваіх карыстальнікаў. Выкананню гэтай высакароднай місіі служыць і правядзенне Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія ладзяцца ў бібліятэцы ўжо трэцяе дзесяцігоддзе.
Сімвалічна, што сёлета Кнігазнаўчыя чытанні прысвечаны 500-годдзю заснавання славутага Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі. Манастыры з даўніх часоў былі цэнтрамі культуры і кніжнасці – тут перапісваліся і друкаваліся кнігі, ствараліся першыя бібліятэкі і школы. Жыровіцкі манастыр, які паўстаў на мяжы XV і ХVІ стагоддзяў на месцы цудоўнага з’яўлення абраза Божай Маці, ніколі не закрываўся і за доўгую гісторыю свайго існавання стаў буйным духоўным цэнтрам беларускага народа. Хрысціянскія духоўныя ідэалы і святыні натхнялі творцаў на плённую працу. На працягу пяці стагоддзяў у Жыровіцкім манастыры ствараліся і захоўваліся лепшыя ўзоры кніжнай, мастацкай, музычнай культуры нашага народа, інтэлектуальныя помнікі, дзейнічалі навучальныя ўстановы для свецкіх і духоўных асоб.
Праграма мерапрыемства ўключала больш за 60 дакладаў па наступных тэматычных блоках:
ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні традыцыйна аб’ядналі даследчыкаў і спецыялістаў, якія вывучаюць кніжныя помнікі – найважнейшы складнік культурнага і інфармацыйнага патэнцыялу нацыі. Старажытныя традыцыі беларускага пісьменства і кнігадрукавання – яскравае сведчанне высокага развіцця айчыннай культуры. Разам з тым, застаючыся каштоўнай крыніцай для даследавання нашага мінулага, беларуская кніжнасць з’яўляецца падмуркам для дынамічнага развіцця нацыянальнай культуры на сучасным этапе.
Запіс трансляцыі можна паглядзець тут.
Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.
Чытайце таксама пра мерапрыемства ў публікацыях СМІ і глядзіце ў нашым фотарэпартажы:
ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 400-годдзю выдання першага Буквара