ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

07.05.2020

ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

15 мая ў анлайн-фармаце адбудуцца ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прымеркаваныя да 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі.

Штогадовая навуковая канферэнцыя з’яўляецца галоўнай пляцоўкай краіны для адкрытага дыялогу аб пытаннях кніжнай культуры.

Навуковы форум у гэтым годзе быў запланаваны менавіта ў маі – на час цэнтральных урачыстасцей да 550-годдзя з часу з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя з часу заснавання Успенскага Жыровіцкага манастыра. Тэматыка прыцягнула цікавасць шматлікіх навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі. На інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі было зарэгістравана больш за 100 дакладаў і каля 60 артыкулаў былі прадстаўлены для друку ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі, якая склалася ў свеце, арганізатары прапанавалі канферэнцыю не адмяняць, але знайсці новы фармат яе правядзення. Для нас вельмі важным з’яўляецца не перарываць традыцыю наладжвання навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін, даць магчымасць падзяліцца вынікамі актуальных навуковых дасягненняў і праектаў.

ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні пройдуць у анлайн-фармаце з відэатрансляцыяй у рэжыме рэальнага часу і магчымасцю камунікацыі праз пытанні да дакладчыкаў. Пасля канферэнцыі відэазапіс таксама будзе даступны ўсім жадаючым.

Традыцыйна праблемнае поле канферэнцыі будзе ўключаць пытанні гісторыі кніжнай культуры ад старажытнасці да сучасных тэндэнцый развіцця. Тэматыка канферэнцыі плануецца разнастайнай і, безумоўна, выкліча цікавасць у шматлікіх айчынных і замежных вучоных.

Арыентыровачны час анлайн-трансляцыі: 11.00–14.00.

Праграма мерапрыемства і спасылка на вэб-сайт трансляцыі з'явіцца перад мерапрыемствам на партале бібліятэкі.

Да анлайн-сустрэчы!

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.


Возврат к списку