4–5 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудуцца юбілейныя XV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. У праграме – больш за 100 дакладаў у межах пленарнага і секцыйных пасяджэнняў, сустрэчы даследчыкаў розных краін, навуковыя дыскусіі і абмеркаванні, адкрыццё выставы “Захавальнікі рарытэтаў”.
Першыя кнігазнаўчыя чытанні адбыліся ў 1998 годзе. Прыемна, што праз два дзесяцігоддзі некаторыя арганізатары і ўдзельнікі першых чытанняў возьмуць удзел у сёлетняй канферэнцыі. Безумоўна, плённая праца шматлікіх супрацоўнікаў аддзела спрыяла станаўленню і развіццю адметнай нацыянальнай кнігазнаўчай школы.
Юбілейныя ХV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні прымеркаваны да 40-годдзя навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На працягу двух дзён пройдуць пленарнае пасяджэнне, сем секцый і адкрыццё выставы “Захавальнікі рарытэтаў”. Тэматыка канферэнцыі будзе вылучацца разнастайнасцю, нязменнай цікавасцю да кніжнай культуры Беларусі і асэнсаваннем яе феномена ў сусветным кантэксце. Праблемнае поле канферэнцыі будзе ўключаць пытанні гісторыі кніжнай культуры ад старажытнасці да сучасных тэндэнцый развіцця.
Штогадовыя Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні традыцыйна збіраюць даследчыкаў кнігі з розных краін свету. Сёлета канферэнцыя аб’яднае кнігазнаўцаў, гісторыкаў, філолагаў, культуролагаў і філосафаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны, якія прадставяць вынікі найноўшых даследаванняў па гісторыі рукапіснай і друкаванай кніжнай спадчыны. Мерапрыемства прадастаўляе магчымасць падзяліцца вынікамі навуковых пошукаў і дасягненняў, спрыяе наладжванню навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін, выпрацоўцы аптымальна эфектыўных падыходаў для вырашэння наспелых праблем і, галоўнае, натхняе ўдзельнікаў на ажыццяўленне новых ідэй і праектаў.
Арганізатары канферэнцыі – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Партнёрамі навуковага мерапрыемства сталі праект Еўрапейскага саюза MOST і Польскі інстытут у Мінску.
Урачыстае адкрыццё канферэнцыі і пленарнае пасяджэнне – 4 красавіка ў 10.00 у Круглай зале (2-гі паверх).
Адкрыццё выставы “Захавальнікі рарытэтаў” (да 40-годдзя навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства) – у галерэі “Лабірынт” і музеі кнігі (3-ці паверх) у 16.30.
ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 400-годдзю выдання першага Буквара