У ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях сярод сусветна вядомых аўтарытэтных экспертаў браў удзел і прафесар Вроцлаўскага ўніверсітэта, доктар хабілітаваны Кшыштаф Мігань.
Кшыштаф Мігань – знакаміты вучоны, дзякуючы якому польская бібліялогія атрымала міжнароднае прызнанне.
У 1957–1962 гг. ён навучаўся па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства” на філалагічным факультэце Вроцлаўскага ўніверсітэта і закончыў яго з тытулам магістра. У 1961–1964 гг. вучыўся ў тым жа ўніверсітэце па спецыяльнасці “індыяністыка” на кафедры індыйскай філалогіі. Але любоў да вывучэння кнігі перамагла. З 1962 па 2010 г. ён працаваў выкладчыкам кафедры бібліятэказнаўства Вроцлаўскага ўніверсітэта. У 1981–1996 гг. узначальваў Інстытут бібліятэказнаўства, у 1999–2010 гг. кіраваў аддзелам тэорыі і гісторыі кнігі Інстытута навуковай інфармацыі і бібліятэказнаўства Вроцлаўскага ўніверсітэта. З 1989 г. быў ініцыятарам стварэння, а потым віцэ-прэзідэнтам Польскага бібліяграфічнага таварыства.
Імя вядомага польскага навукоўца ўпісана ў гісторыю кнігазнаўства ХХ і ХХІ стагоддзяў дзякуючы яго працам “Nauka o książce wśród innych nauk społecznych” (“Навука пра кнігу сярод іншых грамадскіх навук”), “Z dziejów nauki o książce” (“З гісторыі навукі пра кнігу”), “Наука о книге : Очерк проблематики” (“Навука пра кнігу. Нарыс праблематыкі”) і інш.
За свой прафесійны шлях ён пабываў старшынёй Камісіі бібліялогіі і бібліятэказнаўства Вроцлаўскага навуковага таварыства (1978–1983), уваходзіў у склад Камітэта навуказнаўства пры Прэзідыуме Польскай акадэміі навук (1990–1996), быў членам Цэнтральнай камісіі па прысваенні навуковых ступеняў і тытулаў (1991–2010), членам Рады па культуры пры Прэзідэнце Рэспублікі Польшча (1992–1995), членам Міжнароднага таварыства Гутэнберга (ад 1997 г.), старшынёй і намеснікам старшыні Навуковай рады Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве (1999–2010) і т.д.
У Беларусі падрыхтаваны і выдадзены бібліяграфічныя паказальнікі, якія змяшчаюць працы вучонага: “Профессор Кшиштоф Мигонь” (1990, складальнікі Юрый Лабынцаў і Таццяна Рошчына) і “Кшыштаф Мігань: біябібліяграфічны паказальнік: (1960–2010): да 70-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя навуковай дзейнасці” (2011, складальнікі Ларыса Доўнар, Тамара Самайлюк).
Кшыштаф Мігань мае больш за 500 публікацый на шматлікіх мовах, у тым ліку па-беларуску. Першая публікацыя на беларускай мове “Стан сучаснага кнігазнаўства як навукі” выйшла ў 2008 г. у зборніку “Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры” (Вып. 2).
Адказваючы на пытанне пра навуковыя інтарэсы, Кшыштаф Мігань адзначыў:
– Мяне цікавяць фундаментальныя пытанні рамак і асноў кнігазнаўчых кампетэнцый, тэорый кнігазнаўства, сродкаў перадачы даных, – падзяліўся думкамі прафесар Мігань. – Мая вузкая спецыяльнасць – тэорыя і метадалогія кнігазнаўства, навука пра кнігу як універсітэцкая дысцыпліна. Я напісаў некалькі прац на гэтую тэму, якія былі выдадзены ў Польшчы, Расіі і Германіі.
Гэтыя тэмы, а таксама шляхі гісторыі кніг былі найбольш важнымі для мяне і ў праграме ХV Міжнародных чытанняў. На секцыйным пасяджэнні я распавядаў пра некаторыя новыя даследаванні ў гісторыі кніжнай культуры, пра тое, што можна паказаць метадам гістарычнай геаграфіі і картаграфіі. У сваім дакладзе “Шляхі і вандраванні кніг. Аб істотным кірунку ў даследаваннях гісторыі кніжнай культуры” я паказаў шляхі кнігазнаўчай картаграфіі. Мы ведаем тое, што дайшло да нас з гісторыі ранейшых часоў. Ведаем, што Гутэнберг друкаваў свае кнігі ў Германіі, але якім чынам яны патрапілі ў Польшчу або ў Беларусь, мы не ведам. Лёсы некаторых асобнікаў і цэлых збораў надзвычай цікавыя! Я прадэманстраваў рабочую майстэрню даследчыка і параіў, што можна зрабіць.
На пытанне пра крыніцы яго любові да кнігі прафесар Мігань адказаў:
– Я нарадзіўся ў 1940 годзе ў мястэчку Багуславіцы паблізу ад Чэнстахова. Мае бацькі Ганна і Станіслаў Мігані былі настаўнікамі, яны выхоўвалі ў мяне любоў да кнігі з дзяцінства, я вырас у асяроддзі кніг, адчуваў цікавасць да гісторыі, літаратуры і ўсходніх моў, марыў пазнаваць краіны Усходу. Пасля заканчэння ліцэя паступіў на факультэт бібліятэказнаўства Вроцлаўскага ўніверсітэта, бо верыў, што праз глыбокую цікавасць да кнігі прыйду да арыенталістыкі. Таму цікавіўся вывучэннем замежных моў, у тым ліку – эсперанта. Мары юнацтва крыху змяніліся пад уплывам часу і абставін, але спраўдзіліся. Таму жадаю поспехаў усім беларускім даследчыкам на абраным імі шляху даследавання гісторыі кнігі!
Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.
Матэрыял дапрацаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.
ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 400-годдзю выдання першага Буквара