Вабяць таямніцы старажытных кніг ВКЛ

19.04.2019

Вабяць таямніцы старажытных кніг ВКЛ

Беларускія кніжныя скарбы цікавяць даследчыкаў з усёй Еўропы. Польскія навукоўцы вельмі цэняць старадрукі, выдадзеныя ў ВКЛ, якія знаходзіліся ў бібліятэках манастыроў і ў прыватных маёнтках.

У юбілейных ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях узяла ўдзел прафесар Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне, доктар хабілітаваны Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў. Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання ганаровых ўдзельнікаў вядомая даследчыца была адзначана падзякай бібліятэкі за актыўны ўдзел у Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях, значны асабісты ўклад у даследаванне беларускай кніжнай культуры.

Пані Зоя нарадзілася 30 лістапада 1954 г. на Падляшшы. У 1979 г. яна скончыла Вышэйшую школу педагогікі ў Ольштыне ў галіне гуманітарных навук. У 1988-м абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме кніжнай культуры старавераў у Польшчы, у 2004-м атрымала дактаранцкую ступень, а ў 2006-м – званне прафесара. У 2005–2009 гг. займала пасаду дырэктара Інстытута гісторыі і міжнародных адносін Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне.

Zoya_1.jpg

Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў – аўтар шматлікіх манаграфій і навуковых артыкулаў. Асноўнымі кірункамі даследаванняў з’яўляюцца гісторыя кнігі і бібліятэк, кірылічная рукапісная і друкаваная кніжная спадчына, беларуская кніжная культура, гісторыя старавераў.

Пані прафесар была ўдзельніцай Першых кнігазнаўчых чытанняў у 1998 г., а таксама часта брала ўдзел у чытаннях на працягу дваццаці гадоў існавання канферэнцыі. Сёлета ў межах пленарнага пасяджэння ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў яна распавяла пра фарміраванне і лёс бібліятэкі Жыровіцкага манастыра, магчымасці рэканструкцыі знакамітага кнігазбору, дала характарыстыку асобнікам, знойдзеным у Вільнюсе, Санкт-Пецярбургу і Кіеве. Як асноўны эксперт яна была мадэратарам і ўзначальвала секцыю “Гістарычныя кнігазборы”.

Прафесар Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, якая сёлета прыехала для ўдзелу ў канферэнцыі дзякуючы падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску, адзначыла падчас размовы:

– Я вельмі рада сустрэцца з беларускімі калегамі. Мы пачыналі нашу супрацу з Таццянай Іванаўнай Рошчынай. На Першых кнiгазнаўчых чытаннях прагучаў мой даклад “Дакументальная роля кірылічных кніг, выдадзеных у Вялікім Княстве Літоўскім ў XVI–XVIII стст.”.

На  леташніх чытаннях я знаёміла ўдзельнікаў з нядаўна знойдзенымі мною кірылічнымі кнігамі з ВКЛ у зборах польскіх бібліятэк. На адной з канферэнцый я паведаміла пра даследаванні Радзівілаўскай бібліятэкі ў Польшчы.

Пра кірылічныя старадрукі з Вялікага Княства Літоўскага я звычайна распавядаю студэнтам Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта на занятках па гісторыі кнігі. Знаёміла з друкаванай спадчынай ВКЛ і студэнтаў Варшаўскага ўніверсітэта.

Zoya_2.jpg

На фота (злева направа): З. Ярашэвіч-Пераслаўцаў, Г. Кірэева, Т. Рошчына

Як паведаміў Валер Булгакаў, у Мінску сёлета будзе выдадзена кніга Зоі Ярашэвіч-Пераслаўцаў у перакладзе на беларускую мову – “Кірылічныя старадрукі з сядзіб Вялікага Княства Літоўскага ХVI–ХVIII cтагоддзяў” (Druki cyrylickie z oficyn Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI–XVIII wieku. Olsztyn, 2003).

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.

Матэрыял дапрацаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.


Возврат к списку