4-5 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшлі XV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. Сваім меркаваннем пра канферэнцыю падзяліліся яе ўдзельнікі – беларускія і замежныя эксперты.
Ларыса Доўнар, прафесар кафедры бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат педагагічных навук, дацэнт
Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні адбываюцца з 1998 года, яны закліканы стымуляваць вывучэнне кніжнай культуры і развіваць міжнародныя стасункі. На працягу двух дзесяцігоддзяў я з’яўлялася пастаянным ўдзельнікам, а таксама назіральнікам і стваральнікам навуковага працэсу. Я лічу, што чытанні будуць запатрабаванымі незалежна ад таго, як зменіцца кніга і адносіны да яе. Надзвычай важна, што да нас далучаюцца навукоўцы з розных краін. Міжнародны фармат дазваляе не толькі азнаёміцца з сусветнымі тэндэнцыямі сучаснай навукі, але таксама даследаваць беларускую кнігу, якая ракіданая па розных замежных калекцыях.
Для Беларусі кнігазнаўства – маладая навука, аднак яна мае як перспектыву, так і даўнія карані. Нам цікава не толькі даследаваць вопыт іншых краін, але і дзяліцца сваім, бо ў нас ужо складваюцца свае традыцыі. Адна з такіх яркіх традыцый – менавіта кнігазнаўчыя чытанні. Ідэяй іх стварэння была кансалідацыя навукоўцаў з бібліятэк, музеяў, архіваў, іншых устаноў і сумеснае развіццё кнігазнаўчага кірунку.
Падчас чытанняў навукоўцы агучвалі, што неабходна звярнуць больш увагі на рэгіёны. Я лічу, што гэта важна, каб там таксама зберагалася кніжная спадчына, фарміравалася і развівалася даследчае асяроддзе. Зараз ствараецца дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў, які павінен даць новы імпульс кнігазнаўчай працы ў рэгіёнах.
Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, прафесар Варміньска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне, доктар хабілітаваны
XV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні былі праведзены на высокім навуковым і арганізацыйным узроўні. Канферэнцыя, а таксама выстава “Захавальнікі рарытэтаў”, прысвечаная 40-годдзю навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, сталі важнымі навуковымі падзеямі, “мастамі” паміж старой і сучаснай кнігай, кнігай і яе даследчыкам, кнігай і яе чытачамі. Спадзяюся, што і ў будучыні Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні будуць развівацца. Яны важныя для кніжнай культуры не толькі Беларусі, але і іншых краін, прадстаўнікі якіх удзельнічаюць у канферэнцыі. У свеце кніг і чытачоў межаў не існуе.
Аляксандр Сцефановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Падчас XV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў мы пачулі шмат маладых навукоўцаў. Гэта ўражвае: калі планаваліся кнігазнаўчыя чытанні, меркавалася, што з'явіцца пераемнасць пакаленняў сярод кнігазнаўцаў. Праз дваццаць гадоў мы бачым, што ўсё рабілася нездарма. На чытаннях былі прадстаўлены цікавыя даклады, якія дапаўняюць і пашыраюць кругагляд даследчыкаў старэйшага пакалення. Гэта толькі радуе, дае ўпэўненасць і надзею, што вывучэнне кніжнай культуры ў Беларусі і за яе межамі развіваецца.
Прыемна было бачыць нашых замежных даследчыкаў, некаторыя з іх дапамагалі нам яшчэ на этапе станаўлення кнігазнаўчых чытанняў. Кнігазнаўцы Беларусі і іншых краін працуюць разам, падтрымліваюць адзін аднаго дадатковымі матэрыяламі і кансультацыямі. Прыемна, што на XV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях сабраліся спецыялісты высокага міжнароднага ўзроўню.
Кшыштаф Мігань, прафесар, доктар хабілітаваны
Я вельмі рады таму, што магу пераняць на Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях карысную для сваёй навуковай дзейнасці інфармацыю, і пры гэтым дзялюся сваім міжнародным вопытам з беларускімі экспертамі. Калі казаць пра тэмы цяперашніх чытанняў, мне здаецца, што беларускіх вучоных кнігазнаўчай сферы хвалююць тыя ж пытанні, што і замежных. У тым ліку, роля гуманітарных навук у сучасным свеце. З-за працэсаў глабалізацыі мы сутыкаемся з аднолькавымі праблемамі, нягледзячы на розніцу ў доступе да фінансавання і тэхналогій.
За апошнія некалькі гадоў больш за ўсё тэарэтычных публікацый у мяне выйшла менавіта на беларускай мове, таму адзін з маіх польскіх калег падчас канферэнцыі пажартаваў, што хутка мяне будуць называць выдатным беларускім бібліёграфам. Прыемна, калі на мае працы спасылаюцца навукоўцы розных краін, што дзякуючы інтэрнэту лёгка адсачыць. А гэта значыць, што праведзеная праца мае сэнс.
Нягледзячы на тое, што ў наш час кажуць пра канец эры папяровай кнігі, я лічу, што новыя тэхналагічныя дасягненні не выключаюць яе са сферы ўплыву. Кніга ўсё гэтак жа мае свой сэнс і застаецца важным спосабам перадачы інфармацыі.
Лілія Коўкель, супрацоўнік аддзела польскага біяграфічнага слоўніка Інстытута гісторыі імя Тадэвуша Мантэйфеля Польскай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук
Калі асобныя кнігі ці кнігазборы трапляюць на свайго даследчыка – яны атрымліваюць другое жыццё, часам адраджаюцца з нябыту. Навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства НББ – гэта не толькі “рэаніматары” лёсаў кніг і кнігазбораў, але і людзі, якія прывабліваюць да гэтай справы іншых даследчыкаў, падтрымліваюць традыцыю міждысцыплінарнасці на міжнародным узроўні. Выказваю словы вялікай падзякі арганізатарам Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў за сістэматычную працу па аб'яднанні кнігазнаўцаў, за заахвочванне, прыпамінанне, кантраляванне і збіранне нас разам!
Вікторыя Вайткавічутэ, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Літоўскай нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса, доктар гуманітарных навук
Тэматычная структура цяперашніх Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў сфарміравана цікава і дакладна. Яна адлюстроўвае тэндэнцыі развіцця кнігазнаўства ў Еўропе. Вельмі важна, што зборнік дакладаў быў надрукаваны загадзя. Выстава ў музеі кнігі выдатна дапоўніла канферэнцыю. Я спадзяюся, што чытанні будуць развівацца і далей, закрануць яшчэ шмат важных і актуальных тэм. Роля канферэнцыі важная ва ўсталяванні кантактаў з рознымі навуковымі цэнтрамі вывучэння кнігі ў свеце, а таксама для абмену дасягненнямі і ў перспектыве рэалізацыі сумесных праектаў.
Марыя Підлыпчак-Майеровіч, старшыня праграмнага камітэта Карпарацыі вроцлаўскіх бібліятэкараў, прафесар, доктар хабілітаваны
На Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях для мяне асабліва важнай была сустрэча з людзьмі, з якімі я пазнаёмілася ў 2000 годзе падчас першага наведвання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Я ўдзячная за запрашэнне на такую выдатную канферэнцыю, якая адрозніваецца высокім навуковым узроўнем і ўважлівым стаўленнем да ўдзельнікаў. Прыемна было назіраць за маладымі людзьмі, якія толькі пачынаюць свой навуковы пошук і добра спраўляюцца, нягледзячы на магчымыя цяжкасці. Выстава “Захавальнікі рарытэтаў” у музеі кнігі дэманструе павагу і ацэнку працы людзей, якія на працягу доўгіх гадоў самааддана і плённа працавалі дзеля кніг і чытачоў.
Таццяна Рошчына, кнігазнаўца, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь
Дзякую арганізатарам XV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў за высокі навуковы і арганізацыйны ўзровень мерапрыемства. Калі я прысутнічала, то ўзгадвала, як мы пачыналі, як з кожным разам вучыліся, як наладжваліся прафесійныя і навуковыя сувязі. За дзесяцігоддзі руплівай і складанай працы значна пашырылася геаграфія ўдзельнікаў, кола дакладчыкаў: ад знакамітых прафесараў і спецыялістаў да студэнтаў. Кожны раз абнаўляецца і пашыраецца тэматыка выступленняў, з’яўляецца новая інфармацыя. XV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні адбыліся на высокім узроўні, на маю думку, галоўным чынам дзякуючы таму, што не перарвалася традыцыя і ў аддзел прыйшла зацікаўленая і неабыякавая моладзь. Дзякуй таксама за выставу, прысвечаную аддзелу. На ёй дэманструецца шмат цікавых матэрыялаў, па якіх бачна, які няпросты шлях мы прайшлі і да чаго прыйшлі! Спадзяюся, што навукова-даследчы аддзел будзе надалей паспяхова развівацца.
Таццяна Сапега, загадчык сектара навукова-праектнай работы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Юбілейныя XV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 40-годдзю навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, былі вельмі важнымі для бібліятэкі. Істотна было падкрэсліць традыцыі і дасягненні ў галіне кнігазнаўства, якія ствараліся на працягу дзесяцігоддзяў канкрэтнымі людзьмі. Ідэя была ў тым, каб сабраць ўдзельнікаў, якія стаялі ля вытокаў канферэнцыі. Вельмі радасна, што яна ажыццявілася. Сёлета ў Нацыянальную бібліятэку прыехала шмат гасцей, у тым ліку тыя, хто ўдзельнічаў у канферэнцыі дваццаць гадоў таму. Бадай, гэта было самым важным вынікам: радасць ад сустрэчы, навуковая, прафесійная і асабістая камунікацыі.
Пра першыя чытанні я ведаю толькі па зборніку матэрыялаў канферэнцыі. А вось на другіх, у 2000 г., я прысутнічала і пабачыла сапраўдных зорак з Беларусі, Польшчы і Расіі. У іх бралі ўдзел мэтры беларускага кнігазнаўства: Адам Мальдзіс, Георгій Галенчанка, Таццяна Рошчына, Галіна Кірэева, Лора Доўнар, Валеры Герасімаў, Тамара Самайлюк, Аляксандр Сцефановіч, Надзея Высоцкая, Аляксандр Ярашэвіч, Марат Батвіннік і інш. Прадстаўнічая каманда была з Польшчы: Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў, Марыя Підліпчак-Майровіч, Лілія Коўкель, Антоні Краўчык, Івона Пятшкевіч, Эдвард Ружыцкі і інш. З Масквы прыехаў Юрый Лабынцаў, тады дырэктар Цэнтра беларусазнаўчых даследаванняў Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук. Гэта быў захапляльны перыяд бурлівага развіцця навуковага кнігазнаўства.
На працягу двух дзесяцігоддзяў асноўнымі арганізатарамі чытанняў былі Таццяна Рошчына, Людміла Кірухіна, Галіна Кірэева і інш. Вельмі радасна, што традыцыі працягваюцца, і кнігазнаўчыя чытанні развіваюцца. Ужо не першы год канферэнцыю падтрымліваюць праект MOST і Польскі Інстытут ў Мінску.
XV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні адбыліся на высокім узроўні дзякуючы супольнай працы навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства, выдавецкага аддзела, аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала, сацыякультурнага цэнтра і іншых падраздзяленняў бібліятэкі, якія плённа і зладжана працавалі. Поспех канферэнцыі вызначылі, вядома, шматлікія даследчыкі і проста зацікаўленыя людзі, якія прынялі ўдзел у пленарным і секцыйных пасяджэннях. За два дні працы канферэнцыі прагучала каля 100 дакладаў. У зборніку матэрыялаў надрукавана 77 артыкулаў. Сёлетняя канферэнцыя пацвярджае інтарэс да кнігі і навуковых даследаванняў.
Запісала Яна Паляшчук.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.
ХІV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 400-годдзю выдання першага Буквара