Выдадзены зборнік матэрыялаў ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

09.04.2019

Выдадзены зборнік матэрыялаў ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала і выдала зборнік матэрыялаў юбілейных ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў. Канферэнцыя была прымеркаваны да 40-годдзя навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і праходзіла 4–5 красавіка 2019 г.

Канферэнцыя стала добрым працягам усталяванай традыцыі і сабрала зацікаўленых навукоўцаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляліся Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры партнёрскай падтрымцы праекта Еўрапейскага саюза MOST і Польскага інстытута ў Мінску.

У зборніку публікуюцца даклады вядомых даследчыкаў, спецыялістаў бібліятэк, музеяў, архіваў, навукова-даследчых і навучальных устаноў Беларусі і замежных краін. Канферэнцыя аб’яднала кнігазнаўцаў, педагогаў, лінгвістаў, літаратуразнаўцаў, культуролагаў, гісторыкаў, філосафаў, багасловаў, якія прадставілі вынікі найноўшых даследаванняў па гісторыі рукапіснай і друкаванай кніжнай спадчыны.

Тэматыка дакладаў вылучаецца разнастайнасцю, нязменнай цікавасцю да кніжнай культуры Беларусі і асэнсаваннем яе феномена ў сусветным кантэксце. На канферэнцыі былі разгледжаны пытанні гісторыі кніжнай культуры ад старажытнасці да сённяшняга дня, ролі кнігі ў сучасным інфармацыйна-камунікацыйным асяроддзі, досвед асваення новых напрамкаў дзейнасці і ажыццяўлення перспектыўных праектаў у галіне кнігазнаўства.

Структура зборніка адлюстроўвае кола тэм, якія абмяркоўваліся на пленарным і секцыйных пасяджэннях, і складаецца з раздзелаў:

  • Тэорыя і метадалогія кніжнай культуры. Тэндэнцыі кнігазнаўчых даследаванняў
  • Гістарычныя кнігазборы
  • Даследаванне правененцый
  • Рукапісныя помнікі і архіўныя дакументы як крыніцы даследавання гісторыі і культуры Беларусі
  • Друкаваная кніга XV–XVIІІ стст. у айчынных і замежных зборах
  • Традыцыі беларускай кніжнай культуры ХІХ–ХХІ стст.
  • Беларускі эмігранцкі друк
  • Роля і месца кнігі ў сучасным інфармацыйна-камунікацыйным асяроддзі. Папулярызацыя кніжнай культуры

Даклады, якія прагучалі падчас ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, выкананы на высокім навуковым узроўні, вызначаюцца актуальнасцю, навізной падыходаў да вырашэння пастаўленых навуковых праблем. У рабоце канферэнцыі бралі ўдзел як вядомыя навукоўцы, так і маладыя даследчыкі. Разгледжаныя ў дакладах пытанні маюць вялікае навуковае і прыкладное значэнне.

Матэрыялы зборніка будуць карыснымі для даследчыкаў кніжнай культуры, педагогаў, супрацоўнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і сучасным станам беларускай інтэлектуальнай традыцыі.

Зборнік “Матэрыялы ХV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, Мінск, 4–5 красавіка 2019 г.” можна набыць па падпісцы альбо купіць у кіёску бібліятэкі, размешчаным на 1-м паверсе бібліятэкі каля галоўнага ўвахода.

Змест зборніка

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.


Возврат к списку