Захавальнікі рарытэтаў

03.04.2019

Захавальнікі рарытэтаў

У першы дзень XV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, ладзіцца ўрачыстае адкрыццё выставы “Захавальнікі рарытэтаў”, якая падрыхтавана ў музеі кнігі да 40-годдзя навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Найбольш каштоўная частка кнігазбору галоўнай бібліятэкі краіны, унікальныя помнікі кніжнай культуры ўжо 40 гадоў трапятліва і самааддана зберагаюцца ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства. Калекцыі рукапісаў, старадрукаў і рэдкай кнігі пачалі фарміравацца адначасова з заснаваннем бібліятэкі ў 1922 г. Афіцыйна аддзел быў створаны ў 1979 г. як аддзел рукапісаў, старадрукаў і рэдкай кнігі. Нягледзячы на складаныя падзеі ў гісторыі дзяржавы, прафесіяналы-кнігазнаўцы ва ўсе часы збіралі, захоўвалі, даследавалі і папулярызавалі кніжную спадчыну беларускага народа.

Сёння навукова-даследчы аддзел кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’яўляецца каардынацыйным цэнтрам кнігазнаўства ў рэспубліцы: ажыццяўляе навуковую, метадычную, бібліяграфічную работу. Значнымі кірункамі работы сталі праектная і музейная дзейнасць. Калектывам рэалізаваны шэраг маштабных адукацыйна-асветніцкіх, выставачных і навукова-выдавецкіх праектаў.

На выставе “Захавальнікі рарытэтаў”, прысвечанай знакавым падзеям гісторыі стварэння і дзейнасці важнага аддзела бібліятэкі, экспануюцца архіўныя дакументы, рэдкія фотаздымкі, кніжныя рарытэты, мемарыяльныя рэчы. Гэта даніна павагі рупліўцам, якія, зберагаючы лепшыя традыцыі мінулага, захоўваюць і памнажаюць кніжную спадчыну нацыі.

Урачыстае адкрыццё экспазіцыі адбудзецца 4 красавіка ў 16.30 у галерэі “Лабірынт” (3-ці паверх). Выстава будзе працаваць у музеі кнігі (пам. 347) да 31 мая 2019 г. 
Дата яе завяршэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак і заказу экскурсій: (8 017) 293 27 22.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.


Возврат к списку