Першыя міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

04.02.2019

Першыя міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні

Першыя кнігазнаўчыя чытанні былі арганізаваны ў 1998 годзе. Яны прысвячаліся памяці Ніны Барысаўны Ватацы (1908–1997), найбуйнейшага беларускага бібліёграфа і кнігазнаўца.

У прадмове да зборніка матэрыялаў канферэнцыі Галіна Алейнік (дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) з 1990 па 2002 год) напісала: “…распачынаюцца кнігазнаўчыя чытанні, якія, спадзяёмся, у далейшым стануць рэгулярнымі. … З’яўляючыся навуковым і метадычным цэнтрам у галіне бібліятэказнаўства і кнігазнаўства, Нацыянальная бібліятэка Беларусі вядзе даследаванні ў галіне гісторыі кнігі, бібліяграфіі, бібліятэчнай справы. Правядзенне чытанняў, прысвечаных менавіта кніжнай справе, дае магчымасць сустрэцца спецыялістам розных галін – бібліятэкарам, архівістам, музеязнаўцам, навуковым работнікам для абмеркавання шырокага кола пытанняў. У праграме – паведамленні па тэарэтычных праблемах кнігазнаўства, аб асобных калекцыях, унікальных выданнях, новых знаходках”.

Вельмі радасна, што традыцыі працягваюцца, кнігазнаўчыя чытанні развіваюцца і гуртуюць даследчыкаў кнігі з розных краін. За гады існавання яны сталі адным з найважнейшых мерапрыемстваў у навуковым жыцці краіны.

У Першых кнігазнаўчых чытаннях бралі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. З дакладамі выступілі сапраўдныя мэтры беларускага кнігазнаўства: Адам Мальдзіс, Таццяна Рошчына, Галіна Кірэева, Лора Доўнар, Валеры Герасімаў, Тамара Самайлюк, Алена Цітавец, Людміла Станкевіч, Людміла Сільнова, Святлана Лявонцьева і іншыя. Гасцямі Кнігазнаўчых былі вядомыя навукоўцы: з Польшчы – Зоя Ярашэвіч-Пераслаўцаў і Ханна Ласкажэўска, з Літвы – Арвідас Пацэвічус, з Расіі – Юрый Лабынцаў і Ларыса Шчавінская.

На канферэнцыі старшынствавалі Юрый Лабынцаў (тады дырэктар Цэнтра беларусазнаўчых даследаванняў Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук, доктар філалагічных навук), Людміла Кірухіна (тады намеснік дырэктара НББ), Таццяна Рошчына (тады загадчык аддзела рукапісаў, рэдкай кнігі т старадрукаў НББ).

З Першых кнігазнаўчых чытанняў у афармленні лагатыпа канферэнцыі і вокладкі зборніка матэрыялаў выкарыстоўваецца гравюра з венецыянскага палеатыпу 1505 года з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

4–5 красавіка адбудуцца юбілейныя XV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, якія аб’яднаюць як дактароў і кандыдатаў навук, так і маладых даследчыкаў. Па папярэдніх прагнозах, больш за палову ўдзельнікаў Першых кнігазнаўчых чытанняў збяруцца сёлета ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.



Возврат к списку