Урачыстае адкрыццё Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў – 2024

19.04.2024

Урачыстае адкрыццё Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў – 2024

18 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё XX Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў.

Да ўдзельнікаў канферэнцыі з прывітальным словам звярнуліся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Бабук, а таксама ў фармаце відэазвароту – генеральны дырэктар Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Вадзім Дуда і намеснік генеральнага дырэктара Усерасійскай дзяржаўнай бібліятэкі замежнай літаратуры імя М.І. Рудаміно Мігель Паласіо.

У першы дзень прагучала больш за 40 дакладаў вучоных з Беларусі і Расіі. Анлайн-трансляцыя канферэнцыі дазволіла завочна прысутнічаць у якасці гасцей усім жадаючым з розных краін.

На пасяджэнні выступілі рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, архімандрыт Афанасій (Сакалоў), дырэктар Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук Ірына Лізунова, навуковы кіраўнік Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Якаў Шрайберг, загадчык навукова-даследчага аддзела рэдкіх кніг Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Джаміля Рамазанава, загадчык аддзела Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Вера Ашуева, шэраг супрацоўнікаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікі Беларускай селькагаспадарчай бібліятэкі імя І.С.Лупіновіча, а таксама прадстаўнікі іншых устаноў культуры. Прагучалі даклады дацэнтаў, кандыдатаў мастацтвазнаўства Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дапоўненыя спевамі ў выкананні студэнтаў акадэміі.

Кола пытанняў, якія абмяркоўваліся, ахапіла важныя аспекты развіцця кніжнай культуры – ад рукапісаў да выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій на ўсіх этапах функцыянавання кнігі.

Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні праходзяць штогод і аб’ядноўваюць спецыялістаў і вучоных з розных краін, з’яўляючыся пляцоўкай для абмеркавання праблем захавання, вывучэння і перадачы будучым пакаленням кніжнай спадчыны і культуры.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.


Возврат к списку