У першы дзень МКЧ адкрылася выстава “Захавальнікі рарытэтаў”

04.04.2019

У першы дзень МКЧ адкрылася выстава “Захавальнікі рарытэтаў”

4 красавіка у межах XV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Захавальнікі рарытэтаў”, якая падрыхтавана ў музеі кнігі да 40-годдзя навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Удзельнікаў імпрэзы прывітаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Суша. Ён павіншаваў кнігазнаўцаў і выказаў вялікую падзяку за руплівую працу, якую праводзяць на працягу ўжо 40 гадоў супрацоўнікі навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. Выступоўца падкрэсліў, што нягледзячы на складаныя падзеі ў гісторыі дзяржавы, прафесіяналы ва ўсе часы збіралі, захоўвалі, даследавалі і папулярызавалі кніжную спадчыну беларускага народа.

У сваёй прамове заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Таццяна Іванаўна Рошчына, якая з 1983 па 2003 год узначальвала аддзел рукапісаў, старадрукаў і рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, распавяла пра працу аддзела ў мінулыя гады і пажадала пераемнікам рухацца да новых дасягненняў у прафесійнай справе.

Наступны выступоўца – загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Анатоль Мікалаевіч Сцебурака зазначыў, што ў сваёй сённяшняй працы аддзел грунтуецца на каштоўным досведзе мінулых пакаленняў і будзе імкнуцца захоўваць і памнажаць лепшыя традыцыі кнігазнаўства.

Удзельнікаў урачыстага адкрыцця, наведвальнікаў і гасцей мерапрыемства запрасілі ў музей кнігі на экскурсію па выставе “Захавальнікі рарытэтаў”, дзе загадчык сектара музейнай дзейнасці Таццяна Мікалаеўна Захарава распавяла пра гісторыю стварэння і дзейнасць важнага аддзела бібліятэкі.

Выстава “Захавальнікі рарытэтаў” – даніна павагі рупліўцам, якія зберагаючы лепшыя традыцыі мінулага, захоўваюць і памнажаюць кніжную спадчыну нацыі.

Выстава будзе працаваць у музеі кнігі (пам. 347) да 31 мая 2019 г.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.

Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак і заказу экскурсій: (8 017) 293 27 22.

Матэрыял прадастаўлены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.


Возврат к списку